КАТАКО́МБАВАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён бронзавага веку, якія ў канцы 3—1-й пал. 2-га тыс. да н. э. жылі паміж Дняпром і Волгай, пазней — у Прыазоўі, Крыме, на Паўн. Каўказе. Вылучана В.А.Гарадцовым у пач. 20 ст. Назва ад пахавальнага абраду. нябожчыкаў хавалі ў катакомбах — падбоях, выкапаных у сценах магільных ям, скурчанымі, на баку (у пахаваннях трапляецца охра і вугаль у жароўнях і курыльніцах), побач клалі посуд, прылады працы, зброю. Пласкадонная кераміка вызначаецца разнастайнасцю форм (данецкай К. к. — кубак з канцэнтрычнымі кругамі, перадкаўказскай — рэпападобныя пасудзіны з наляпнымі валікамі), распаўсюджаны шнуравы арнамент. Вядомы каменныя і бронзавыя сякеры, нажы, упрыгожанні, каменныя булавы, крамянёвыя наканечнікі стрэл. У пахаваннях сустракаюцца драўляныя вазкі. Насельніцтва займалася жывёлагадоўляй, матычным земляробствам, бронзаліцейнай вытворчасцю. У плямён К. к. складваўся бацькоўскі род.
т. 8, с. 168
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)